26.03.2025. Птушкі – галоўны сімвал абуджэння зямлі
“Гэй, народ! Збірайся ў карагод! Будзем разам спяваць ды вясну гукаць!”
Такімі спевамі раней зазывалі нашы продкі аднавяскоўцаў да народных гулянняў на свята Саракі, па-іншаму “Гуканне вясны”. У розных куточках Беларусі вясну “гукалі” з прылётам жаўрукоў. Лічылася, што восенню зямля засынае, замыкаючыся, і ключ аддае птушкам. Яны вясной прыносяць ключ на сваіх крылах. Таму птушкі – галоўны сімвал абуджэння зямлі.
Да гэтага свята людзі пяклі печыва ў выглядзе птушак і майстравалі іх з паперы. Выхаванцам старшых груп "Непаседы" і "Пчолкі" дапамагла змайстраваць птушак Таццяна Мікалаеўна Петух, дырэктар пастаўскага Дому рамёстваў, народны майстар Беларусі. З лапікаў рознага колеру дзеці набівалі жаўрукоў сінтэпонам, прымацоўвалі іх да драўляных палачак і дамалёўвалі вочкі. Выхаванцы працавалі з зацікаўленасцю, вельмі стараліся. Таццяна Мікалаеўна – адкрыты, чулы, добры чалавек. Таму пад яе ўмелым кіраўніцтвам ва ўсіх выхаванцаў атрымаліся прыгожыя птушачкі.
Потым дзеці вадзілі веснавы карагод, які сімвалізуе сабой бясконцае кола жыцця і вечную маладосць, а сама форма карагода нагадвае сонца, якое нясе доўгачаканае цяпло, гулялі ў “Ручаёк”. Гэта значыць, не за гарамі цёплае надвор’е! Тым больш, што жаўрукі і сапраўды кожную раніцу шчыра гукаюць вясну.