24.03.2025. Дай лесу новае жыццё! "Мурашкі" прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі
З 21 сакавіка па 12 красавіка 2025 года ў Беларусі пад эгідай Года добраўпарадкавання і 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне праходзіць акцыя "Дай лесу новае жыццё!". Мерапрыемства накіравана на аднаўленне лясных тэрыторый, у прыватнасці пацярпелых ад лясных пажараў.
Сімвалічна, што сярод першых удзельнікаў дабравольнай акцыі на пастаўшчыне былі і самыя юныя лесаводы - дзеці з атрада дашкольнага лясніцтва "Мурашкі".
З самага ранку ў нашым садку адчувалася нейкая асаблівая атмасфера, дзеці рыхтаваліся да яшчэ адной значнай падзеі ў іх жыцці - сёння адбудзецца выезд у лес, каб разам з валанцёрскай камандай нашых педагогаў на месце буралому і сметніка на ўскрайку леса каля вёскі Чарты высадзіць падгадаваныя ялінкі і бярозкі.
Разам з работнікамі Пастаўскага лясніцтва на чале з ляснічым Віктарам Клянцэвічам руплівыя "Мурашкі" добра папрацавалі, бліжэй пазнаёміліся з лясной гаспадаркай, работай, якой займаюцца людзі, адданыя сваёй прафесіі, прысвяціўшыя сваё жыццё лесу і атрымалі масу прыемных эмоцый і ўражанняў.
Удзячны Пастаўскаму лясгасу, за партнёрства ў справе патрыятычнага, экалагічнага, працоўнага выхавання дзяцей, праз далучэнне іх да прыгажосці роднага краю.