27.03.2025. Вясну гукаем
Веснавой парой вы наўрад дзе адшукаеце снежную бабу… А вось да нас у дзіцячы садок сёння яна завітала. Прыйшла на “Гуканне вясны” – старажытнае свята, якое сёння адзначалі нашыя выхаванцы. Гэта адзін з самых вясёлых і аптымістычных абрадаў, якія засталіся нам ад далёкіх продкаў.
Дзеці спявалі веснавыя песні, вадзілі карагоды, гулялі ў беларускія народныя гульні, зазывалі птушак, каб тыя хутчэй ужо “прывялі” вясну. Хлопчыкі і дзяўчынкі так стараліся, што яна сапраўды прыйшла! Такая прыгожая, вясёлая, квітнеючая. Ды яшчэ смачныя пачастункі прынесла.
Святочны настрой, цёплыя ўсмешкі, добразычлівыя погляды чароўным вобразам падзейнічалі: калі дзеці клаліся адпачываць, у вокны ва ўсю моц свяціла сонейка. Спадзяёмся, яно застанецца з намі надоўга.